Згодна архіўных дадзеных школа ў вёсцы Сінча была адкрыта ў 1903 годзе. Гэта была школа царкоўнай граматы, дзе вывучалі Закон Божы, арыфметыку, пісьмо і чытанне па кнізе «Сеятель». Першымі настаўнікамі былі: Пілуй Іван Сцяпанавіч, Копшык Соф’я, Матусевіч Марыя…
Пасля 1917 года школа атрымала статус пачатковай. Па дадзеным архіва ў 1921-1923 гг. Настаўнікамі ў школе працавалі Тарасевіч Стэфан і Крывіцкі Кіпрыян Сямёнавіч.
У 1931 годзе школа была пераўтворана ў сямігадовую.
У гады Вялікай Айчыннай вайны школа не дзейнічала.
Пасля вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў у 1944 годзе ў Сінчы зноў пачала працаваць пачатковая школа, затым з 1948 навучальнага года сямігодка, а ў 1962 годзе Сінчанская школа стала васьмігадовай.
Дырэктарам школы была Мерчанка Валянціна Мікітаўна, а з 1950 года – Верына Вера Ўладзіміраўна.
Спачатку школа размяшчалася ў двух драўляных памяшканнях. Але ў 1965 годзе сіламі бацькоў, настаўнікаў і вучняў, з дапамогай калгаса «Прагрэс» быў пабудаваны новы цагляны будынак на 240 месцаў.
Сінчанская васьмігадовая школа праіснавала да жніўня 1991 года. З 1950 па 1991 год школа выпусціла больш за 800 вучняў.
Дырэктарамі былі: Верына Вера Ўладзіміраўна, Кукіна Клара Аляксееўна, Навіцкая (Варапай) Ядзвіга Іосіфаўна, Федзічкін Віктар Пятровіч.


|